Logo Polskiego Radia
Print

Польскія навукоўцы далучаюцца да чарговага касьмічнага праекту ЗША

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 14.02.2019 17:42
  • 13.02.2019_навука.mp3
Польскае касьмічнае агенцтва рыхтуецца да чарговага кроку ў касьмічную прастору.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польскія навукоўцы далучаюцца да чарговага касьмічнага праекту ЗША. Новы праект зьвязаны зь Месяцам і з будаўніцтвам касьмічнай станцыі, але не на арбіце Зямлі, а на арбіце Месяца. Расказвае старшыня Польскага касьмічнага агенцтва, прафэсар Гжэгаж Брона.

Г.Брона: На гэтай станцыі людзі будуць жыць, пазьней плянуецца, што там будзе ажыцьцяўляцца перасадка на іншыя пасадачныя месячныя модулі, якія будуць прызямляцца на Месяцы ды ляцець далей у космас. Магчыма, пры гэтай станцыі ў будучыні будзе прышвартаваны марсіянскі касьмічны карабель, які накіруецца на Марс і даставіць туды людзей. Касьмічная станцыя ISS, якая цяпер кружляе вакол Зямлі, паўстала ў выніку супрацоўніцтва навукоўцаў некалькіх дзяржаваў, якія разам спраектавалі, зрабілі й вынесьлі на арбіту гэтую станцыю. Падобнай будзе новая месячная станцыя, якая называецца Lunar Gateway або - другі яе назоў, - Deep Space Gateway. Яна таксама будзе стварацца ў выніку супрацоўніцтва многіх краін, ня толькі фінансавага, але й супрацоўніцтва, зьвязанага з ноў-хаў, з абменам навуковымі й тэхнічнымі ведамі. Польшча мае шанцы прыняць удзел у гэтым праекце.

Старшыня Польскага касьмічнага агенцтва ўжо абмяркоўваў гэтае пытаньне з прадстаўнікамі НАСА. Паводле яго, Польшча зацікаўлена ў згаданым маштабным праекце, які вельмі важны для чалавецтва.

Нагадаем, што ў сьнежні мінулага году Польскае касьмічнае агенцтва далучылася да міжнароднай групы дасьледаваньня космасу. Польшча зьяўляецца 17-й па ліку краінай, якая стала чальцом гэтай групы.

Паводле словаў прафэсара Броны, удзел Польшчы ў новым касьмічным праекце хутчэй за ўсё будзе невялікім. «Мы будзем прымаць удзел у галінах, у якіх польскія навукоўцы, польскія кампаніі валодаюць найбольшым ноў-хаў. Гэта, напрыклад, касьмічная робататэхніка, аснаджэньне касьмічных караблёў ды дасьледаваньне паверхні самога Месяца, для чаго спатрэбяцца рабатызаваныя сыстэмы, у якіх польскія навукоўцы й кампаніі лідаруюць», – падкрэсьліў Брона.

Прафэсар дадаў, што польскія вучоныя дасканала распрацавалі дакладную электроніку. «Нашая электроніка паляцела разам зь кітайскім зондам Chang'e-4 на Месяц», – прыгадаў ён. Польскія інжынеры могуць таксама дапамагчы ў стварэньні Lunar Gateway дзякуючы сыстэме для вывучэньня паверхні Месяца. Гаворка ідзе пра пасадачныя апараты, якія будуць стартаваць са станцыі Lunar Gateway, каб дасьледаваць паверхню спадарожніка Зямлі. Палякі ў гэтай галіне таксама зьяўляюцца лідарамі, асабліва калі казаць пра зонды або пробаадборнікі зямлі, зазначыў кіраўнік Польскага касьмічнага Агенцтва, прафэсар Гжэгаж Брона.

PAP/яс

Эфірны выпуск перадачы "Навука й тэхніка" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт