Logo Polskiego Radia
Print

Стэфан Баторы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.11.2011 17:39
  • Стэфан Баторы.mp3
Ніхто ня мог прадбачыць, што князь і ваявода Сямігародзкі (Трансыльванскі) стане каралём адной з самых вялікіх дзяржаваў у тагачаснай Эўропе.

ubioryhistoryczne.blox.plubioryhistoryczne.blox.pl

Каб захаваць незалежнасьць Сямігародзьдзя, Баторы быў вымушаны лавіраваць паміж рознымі сіламі, Асманскай Імпэрыяй і Імпэрыяй Габсбургаў. Князем Трансыльваніі Баторы стаўся ў 1571 годзе й заставаўся ім па 1575 год, калі быў выбраны каралём Рэчы Паспалітай.

Стэфан Баторы быў абраны каралём у цяжкія часы для Рэчы Паспалітай. Шляхта не магла вырашыць, хто будзе каралём, пасьля таго як у 1574 годзе сьвежаабраны кароль францускі прынц Генрых ІІІ Валуа зьбег у Францыю. Рэч Паспалітая заставалася без караля амаль паўтары гады. Частка шляхты выказвалася за Івана Грознага, частка за Габсбурга Максыміліяна Іію Літоўская шляхта на чале з Радзівіламі выказваліся за Імпэратара Святой Рымскай Імперыі Максімільяна, яны нават хацелі зрабіць яго асобным каралём ВКЛ і выйсьці з Уніі з Польшчай. Група сярэдняй шляхты бачыла на каралеўскім прастоле Стэфана Баторыя, ваяводу Сямігародзкага. Гэтая сытуацыя амаль не прывяла да грамадзянскай вайны паміж прыхільнікамі розных кандыдатур.

У пэрыяд безкаралеў’я каралевай абвесьцілі Ганну Ягелонку, сястру памерлага Жыгізмонда ІІ Аўгуста. Таму Стэфан Баторы, калі пагадзіўся на прапанову стаць каралём Рэчы Паспалітай, павінен быў ажаніцца з Ганнай, якой тады ўжо споўнілася 53 гады, і яна да таго ж была старэйшай за Стэфана на 10 год.

Апавядаюць такую гісторыю, што калі Ганна пажадала наведаць спальню Баторага, той ад яе ўцёк.

Сытуацыя ўскладнялася й тым, што ў гэты пэрыяд ішла Лівонская вайна. Цар Іван Грозны пустошыў землі ВКЛ, была акупавана Полацкая зямля, а шляхта шукала караля.

Адразу пасьля абраньня Баторы актыўна зянаўся вайной з Масковіяй і вельмі пасьпяхова. Гэтаму спрыяла тое, што Баторы правёў шэраг важных зьменаў у войску Рэчы Паспалітай.

Перш за ўсё, ён перастаў абапірацца на шляхецкае апалчэньне, выкарыстоўваў наёмнікаў: немцаў і венграў, а таксама рэкрутаваў вайскоўцаў з каралеўскіх зямель. Гэта павялічала эфэктыўнасьць і дысцыпліну войска Рэчы Паспалітай.

Разам з Баторым у арміі Рэчы Паспалітай паявіліся гусары. Гусар - лёгка ўзброены коньнік. Само слова “гусар” па розных меркаваньнях альбо паходзіць з лацінскага “cursus”, азначае набег і падобна на слова “карсар”, альбо з венгерскай мовы “хуш”, што азначае дваццаць. Бо па венгерскіх законах адна асоба з 20 павінна была стаць коньнікам.

Характэрным для гусар Рэчы Паспалітай сталіся крылы, якія прымацоўваліся да сядла, альбо да дасьпехаў са сьпіны. Гэтыя крылы на скаку стваралі шум, які павінен быў палохаць коньнікаў ворагаў, па іншай версіі - яны рабіліся дзеля таго, каб коньніка не магчыма было заарканіць пятлёй.

На працягу трох гадоў з 1579 па 1580 Баторы здолеў адваяваць ў Масквы ўсе захопленыя землі й далучыць да Рэчы Паспалітай Лівонію.

Акрамя вайсковых посьпехаў, Баторы правёў шэраг унутраных рэформаў, якія паспрыялі далейшаму разьвіцьцю Каралеўства Польскага й ВКЛ. Перш за ўсе гэта датычыць адукацыі. Баторы разумеў, што для правядзеньня рэформаў і разьвіцьця краіны патрэбныя адукаваныя людзі, а для іх падрыхтоўкі патрэбны ўстановы, школы. Каб спрыяць разьвіцьцю адукацыі, Баторы абапіраўся на езуітаў, якія ў тыя часы славіліся арганізацыяй добрай сыстэмы адукацыі. Езуіцкія калегіюмы былі адчынены ў Любліне, Нясьвіжу, Львове, Рызе. У Вялікім Княстве Літоўскім быў створаны першы ўнівэрсітэт у Вільні ў 1579 годзе. Таксама Баторы плянаваў стварыць езуіцкія калегіюмы ў Брэсьце і Горадні.

Стэфан Баторы, так і не авалодаў мовамі сваіх падданых і размаўляў на лацінскай мове, на якой вучыўся ў Італіі.

Нягледзячы на сваю прыхільнасьць да езуітаў і каталіцызму, Баторы імкнуўся захаваць рэлігійную раўнавагу й талерантнасьць, якая існавала ў Рэчы Паспалітай. Ён не дазваляў абмяжоўваць правы некаталіцкага насельніцтва.

Па прычыне таго, што зьнешняя палітыка Рэчы Паспалітай была накіравана на ўсход, Баторы імкнуўся ўмацаваць усходнія межы. Нават плянаваў перанесьці сталіцу Рэчы Паспалітай у Горадню, дзе ён жыў апошнія гады й дзе памёр у 1586 годзе.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт